Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня падпісаў указ нумар 344 "Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент прыняты ў мэтах стымулявання юрыдычных асоб да забеспячэння сваіх работнікаў арэндным жыллём.
У адпаведнасці з указам юрыдычным асобам і гаспадарчым таварыствам з 1 студзеня 2025 года прадастаўляецца права на атрыманне бюджэтных субсідый у памеры 50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка для выплаты часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, прыцягнутымі на будаўніцтва і набыццё арэнднага жылля.
Прадпрыемствы будуць самастойна вызначаць парадак і ўмовы выдзялення арэндных жылых памяшканняў сваім работнікам, памер платы за такое жыллё.
Пры гэтым устаноўлена, што не менш як 20 працэнтаў ад агульнай колькасці жылых памяшканняў, узведзеных або набытых з выкарыстаннем субсідый, падлягае прадастаўленню ў першачарговым парадку маладым спецыялістам і грамадзянам ва ўзросце да 31 года.
Пытанні жыллёвай палітыкі ў дзяржаве пастаянна знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. Размова аб гэтым ішла і на нядаўняй нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў. "Як мы заўсёды гаворым, Беларусь - дзяржава для народа. Таму ўсе рашэнні павінны прымацца ў інтарэсах людзей. І адной з нашых прыярытэтных задач было і застаецца забеспячэнне грамадзян жыллём. Уласны дах над галавой важны для любога чалавека. Асабліва для маладой сям'і. Гэта яе ўпэўненасць у заўтрашнім дні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы 19 жніўня.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне пастаянна ўдасканальваюцца падыходы да прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці. "Варта надаць новы імпульс жыллёваму будаўніцтву ў вёсцы, у тым ліку індывідуальных дамоў, будаўніцтву прадпрыемствамі арэнднага жылля для сваіх работнікаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што ўзвядзенне арэнднага жылля будзе адбывацца толькі ў тых рэгіёнах, дзе ў гэтым ёсць рэальная, даказаная неабходнасць. Як тлумачыў Прэзідэнт 9 жніўня ў час нарады ў Шклове, не хочацца паўтараць вопыт, калі ў кожнай гаспадарцы па праграме будавалі па пяць так званых прэзідэнцкіх домікаў, але частка з іх у выніку аказалася незаселенай. "Цяпер будзе па-іншаму. Мы будзем будаваць пад прадпрыемствы. Дапусцім, мы ў Мінску робім завод на МАЗе - аўтобусы вырабляем, попыт вялікі. Вось пад гэту вытворчасць, як у савецкі час, мы вам дадзім жыллё. Арэнднае", - растлумачыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што такое арэнднае жыллё павінна быць з пэўнымі абавязацельствамі ў тым ліку з боку кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў. Гэта значыць, для арганізацый такія дамы будуць будаваць не бясплатна. "Кіраўнік купіць яго павінен (ва ўласнасць арганізацыі. - Заўвага БЕЛТА). Калі не можаш, ну, паглядзім - адтэрміноўкі, растэрміноўкі і за якія грошы. Трэба знайсці (прымальны варыянт. - Заўвага БЕЛТА), каб і кіраўнік прадпрыемства разумеў, што гэта не проста з неба падарунак", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-