18 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У ААТ "Кавліцмаш" у актыўнай фазе знаходзіцца рэалізацыя інавацыйнага праекта па вытворчасці прэсаў, аналагаў якім няма ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Максім Захаранка.
Асваенне вытворчасці прэсаў універсальных крывашыпных гарачаштамповачных намаганнем да 25 меганьютанаў (МН) з пашыранымі тэхналагічнымі магчымасцямі ўключана ў пералік інавацыйных праектаў і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, што рэалізуюцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Заказчыкам праекта выступіла Міністэрства прамысловасці.
"Лінейка прэсаў будзе складацца з трох тыпаразмераў абсталявання - 10, 16 і 25 меганьютанаў, гэта значыць намаганнем ад 1000 да 2500 т. Намаганні прэсаў выбраны як найбольш хадавыя са стандартнага рада. Пры неабходнасці ў далейшым лінейку можна пашырыць. Асноўная ідэя заключаецца ў тым, каб стварыць абсталяванне, якое змагло б у адной адзінцы аб'яднаць універсальнасць і шматфункцыянальнасць метаду гарачай штампоўкі і паўгарачай. Гэта новы від прадукцыі, поўнае імпартазамяшчэнне, вытворчасць, якая не мае аналагаў у Беларусі, з высокім экспартным патэнцыялам", - растлумачыў Максім Захаранка.
Распрацоўка і выраб прэсаў праводзіцца ў рамках навукова-даследчай і доследна-канструктарскай работы (НДДКР) з частковым фінансаваннем са сродкаў дзяржбюджэту. Аб'ём інвестыцый ужо склаў Br13 млн. На прадпрыемстве ідзе тэхнічнае пераўзбраенне, закупка сучаснага металаапрацоўчага абсталявання, вядуцца будаўніча-мантажныя работы па ўладкаванні фундамента пад яго. Будзе пастаўлена чатыры новыя станкі. Адзін ужо ўстаноўлены і паспяхова працуе. Да канца года чакаецца пастаўка другога.
Першая адзінка, якую завадчане павінны вырабіць, - гэта прэс намаганнем 1600 т (16 МН). "У канцы 2024 года гэты доследны ўзор будзе выраблены, згодна з якім потым ужо будзе карэкціравацца канструктарская дакументацыя і вытворчасць пастаўлена на паток. У сярэднім у год мы павінны вырабляць да сямі адзінак такога абсталявання", - сказаў Максім Захаранка.
"Прапрацаваны ўжо рынак, куды мы можам пастаўляць гэтыя прэсы. Такі тып абсталявання вельмі запатрабаваны, ёсць патэнцыяльныя заказчыкі і ў Беларусі, і ў Расіі. Гэта флагманы нашага машынабудавання, такія як трактарны завод, МАЗ, "Белкард", іншыя прадпрыемствы, дзе ёсць кавальска-прэсавыя цэхі і патрабуецца іх мадэрнізацыя і тэхпераўзбраенне", - дадаў дырэктар завода.
Вытворчасць гарачаштамповачных прэсаў - невялікая доля ў агульным таварным выпуску прадпрыемства. "Кавліцмаш" цесна працуе ў кааперацыі з кіруючай кампаніяй холдынга БЕЛАЗ, куды пастаўляе вузлы і дэталі да кар'ерных самазвалаў. Гэта ніша займае каля 70 працэнтаў у агульным аб'ёме выпуску прадукцыі. "Гэта тэмпавая прадукцыя, якая штодзённа адгружаецца. Гэта значыць нашы дэталі трапляюць непасрэдна на зборку на канвеер", - удакладніў кіраўнік.
Яшчэ адзін напрамак гістарычны - кавальска-прэсавае абсталяванне. "Мы цяпер яго вельмі сур'ёзна абнаўляем: асвойваем новую тэхніку, перапрацоўваем лінейку пад сучасныя рэаліі. Пачалі гэтым займацца, калі далучыліся да кіруючай кампаніі. Калі ў 2012 годзе завод выпускаў дзве-тры адзінкі кавальска-прэсавага абсталявання, то ў 2019-м выйшлі на ўзровень 45-50 станкоў. А з нядаўняга часу пачалі займацца і рамонтам гэтага абсталявання", - сказаў Максім Захаранка.
Тры гады таму асвоілі і сертыфікавалі выраб будаўнічых металаканструкцый - фермы, лесвічныя маршы, прагоны, падкранавыя бэлькі. За мінулы год у цэхах прадпрыемства вырабілі 2 тыс. т такіх канструкцый, якіх дастаткова для ўзвядзення цэлага новага завода. Паводле слоў дырэктара, гэта вельмі папулярны напрамак, які тут маюць намер развіваць.
Гісторыя ААТ "Кавліцмаш" бярэ свой пачатак у 1974 годзе, калі быў уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс Пінскага завода кавальска-прэсавых аўтаматычных ліній. Цяпер на прадпрыемстве вырабляюць больш за 50 найменняў кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання.-0-