29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла парадак прымянення льгот арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, аказанне бытавых паслуг у сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчах, паведамляе БЕЛТА.
Ільготы прадугледжаны ўказам нумар 42 ад 2 лютага 2024 года, якім карэкціруецца ўказ ад 22 верасня 2017 года нумар 345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання".
Так, з 1 студзеня 2024 года па 31 снежня 2028 года індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы маюць права ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі сельскай мясцовасці (рознічны гандаль у гандлёвых аб'ектах, на гандлёвых месцах на рынках, на кірмашах, паслугі грамадскага харчавання ў адпаведных аб'ектах, бытавыя паслугі), а ІП і мікраарганізацыі - на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў (паслугі грамадскага харчавання ў адпаведных аб'ектах, бытавыя паслугі) з прымяненнем ільгот (па падатку на прыбытак, падаходным падатку з фізічных асоб, падатку на нерухомую маёмасць, зямельным падатку, арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці).
Пры гэтым дзеянне льгот распаўсюджваецца на населеныя пункты і тэрыторыі па-за населенымі пунктамі, якія адносяцца да тэрыторый сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў, пералікі якіх вызначаюцца абласнымі Саветамі дэпутатаў. "Такім чынам, права на прымяненне з 1 студзеня 2024 года льгот узнікае ў суб'ектаў гаспадарання пры ўступленні ў сілу прынятых у адпаведнасці з пунктам 3 указа нумар 42 рашэнняў абласных Саветаў дэпутатаў, якія вызначаюць для гэтай мэты пералікі адпаведных тэрыторый, пры ўмове выканання названымі суб'ектамі іншых патрабаванняў гэтага ўказа", - падкрэслілі ў МПЗ.-0-