
17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мерапрыемствы Тыдня фінансавай дасведчанасці дзяцей і моладзі ахопяць прыблізна 500 тыс. дзяцей па ўсёй Беларусі. Аб гэтым журналістам расказала начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Юлія Саковіч перад стартам тыдня ў Беларускай валютна-фондавай біржы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тыдзень фінансавай дасведчанасці дзяцей і моладзі праводзіцца ў нашай краіне штогод у сакавіку. Фінансавыя ўстановы і іншыя ўдзельнікі фінансавага рынку адкрываюць свае дзверы для дзяцей, расказваюць аб асаблівасцях сваёй работы, аб правілах рацыянальных фінансавых паводзін. У гэтым годзе, аб'яўленым у Беларусі Годам добраўпарадкавання, Нацыянальны банк прапанаваў правесці тыдзень пад лозунгам "Навядзі парадак у асабістых фінансах" і акцэнтаваць увагу дзяцей на пяці асноўных прынцыпах фінансавай дасведчанасці - планаванне даходаў і расходаў, зберажэнні, разумнае запазычанне, правільнае інвесціраванне і, вядома ж, пытанне аб тым, як зберагчы свае грошы ад фінансавых махляроў у лічбавай прасторы", - расказала Юлія Саковіч і дадала, што актуальнасць апошняй тэмы звязана з тым, што лічбавая рэальнасць ужо даўно распаўсюдзіла сваё дзеянне і на грашовыя адносіны, таму важна ведаць, як засцерагчы сябе ад фінансавых махляроў.
Мерапрыемствамі тыдня будзе ахоплена прыблізна 500 тыс. дзяцей па ўсёй краіне. "Мы дзейнічаем сумесна з Міністэрствам адукацыі і напярэдадні тыдня рыхтуем інфармацыю ў простай даступнай форме для дзяцей і даём ім гэту інфармацыю. Акрамя таго, на факультатыўных уроках па фінансавай дасведчанасці настаўнікі могуць данесці самастойна гэту інфармацыю. Шмат фінансавых устаноў адкрыты ў гэты тыдзень, для дзяцей арганізаваны розныя ўрокі, мерапрыемствы, акцыі", - звярнула ўвагу прадстаўнік Нацбанка.
Дзеці маюць магчымасць павышаць сваю фінансавую дасведчанасць не толькі ў рамках тыдня, прадоўжыла Юлія Саковіч. "У нас ёсць факультатыў па фінансавай дасведчанасці, мы зрабілі вучэбна-метадычныя камплекты для вучня і для настаўніка, якія ёсць ва ўсіх школах Беларусі. Нацыянальны банк надрукаваў і падарыў гэтыя падручнікі для 5-7 і 8-9 класаў. Цяпер у распрацоўцы падручнік для 1-4 класаў. Таксама ў рамках тыдня праводзіцца традыцыйны конкурс відэаблогераў "Грошы маюць значэнне", які вельмі палюбіўся дзецям. Мы бачым, наколькі яны адкрытыя і добра ўдзельнічаюць. У гэтым годзе на конкурс прыйшло 500 ролікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Лепшыя з іх будуць адабраны і размешчаны на Адзіным партале фінансавай дасведчанасці, а таксама рэкамендаваны Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі для выкарыстання іх у навучальным працэсе на факультатывах па фінансавай дасведчанасці. У гэтым выпадку атрымліваецца, што роўны вучыць роўнага, што ўжо даказала сваю эфектыўнасць", - акцэнтавала яна.
Па існуючай традыцыі, цырымонія ўрачыстага адкрыцця Тыдня фінансавай дасведчанасці дзяцей і моладзі прайшла на пляцоўцы Беларускай валютна-фондавай біржы і сімвалічным ударам біржавога звана дала старт правядзенню розных тэматычных мерапрыемстваў.-0-