9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі - начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" на тэму "Падвядзенне вынікаў уступнай кампаніі - 2024" расказала аб тым, што ўплывае на выбар спецыяльнасці і прафесіі абітурыентам.
"У нас даволі кампактнае грамадства - усе ведаюць пра ўсё. Таму калі ў некай галіне складваецца паспяховая сітуацыя: пачынае развівацца вытворчасць, пачынаюць "пераўзбройвацца" заводы, з'яўляецца новае высокатэхналагічнае абсталяванне, то гэта ўсё трансліруецца праз СМІ. Акрамя таго, ніхто не адмяняў дынастыі. Калі на прадпрыемстве працуюць бацькі і бачаць, што ўмовы дастойныя, калі дзіця з гэтым вырасла, то людзі хочуць атрымаць такую работу", - расказала Аляксандра Пятрова.
Эксперт адзначыла, што роля настаўніка і фарміраванне з ранняга школьнага ўзросту вобраза пэўнай прафесіі таксама важны. "І цяпер існуе агульнасусветны трэнд на раннюю прафарыентацыю. Усе стараюцца вярнуць імідж чалавека працы. Мы таксама над гэтым працуем. Там, дзе прадпрыемствы актыўна ўключаюцца, бачны вынік. І паспяховыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы таксама гатовы плаціць стыпендыі. Аграрныя каледжы аднымі з першых пачалі такую практыку", - падкрэсліла Аляксандра Пятрова.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дадала, што ў краіне існуюць абсалютна празрыстыя варыянты выбудоўвання жыццёвай і прафесійнай траекторыі пачынаючы са школьнай парты і заканчваючы кар'ерай на прадпрыемстве. "Пачынаючы з прафесійна-тэхнічнай адукацыі і заканчваючы ВНУ. Ёсць у рэспубліцы прыклады, калі паспяховыя кіраўнікі вырасталі з устаноў прафтэхадукацыі", - упэўнена Аляксандра Пятрова.
Дапаўняючы спікера, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Каспяровіч адзначыў, што прэстыж прафесіі - гэта і пра навучанне, і пра будучую работу. "Калі ўдаецца паказаць абітурыенту, што яму будзе цікава вучыцца, а потым ёсць яшчэ і перспектывы кар'ернага росту, з сацыяльным пакетам і дынамікай зарплаты, вось тады будзе прэстыж прафесіі. Гэта ў многім павінна паказваць само прадпрыемства, таму што не ўніверсітэт прадастаўляе зарплату і рабочыя месцы", - падкрэсліў ён.-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.