26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самы вялікі конкурс на бюджэт зафіксаваны ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на спецыяльнасць "стаматалогія" і на спецыяльнасць "дызайн" у БДУ - па 12 чалавек на месца. Аб гэтым журналістам паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, падводзячы папярэднія вынікі прыёму дакументаў ад абітурыентаў на бюджэт у ВНУ краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Учора закончыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму атрымання адукацыі ў нашы ВНУ. У мінулым годзе на нарадзе кіраўніка дзяржавы ставіўся шэраг сур'ёзных задач перад сістэмай адукацыі, абмяркоўваліся падыходы да выпускной і ўступнай кампаніі бягучага года. Першая задача - не страціць адораную і прыцягнуць матываваную моладзь. Была таксама задача падтрымаць рэгіёны, таму што адукацыя - гэта падрыхтоўка кадраў пад патрэбнасці эканомікі. Сёння сістэма адукацыі павінна рыхтаваць гібкага спецыяліста, які павінен прыйсці на рабочае месца і мець не толькі веды, але ўжо навыкі і кампетэнцыі для таго, каб працаваць на канкрэтным прадпрыемстве. Бо моцныя рэгіёны - гэта моцная краіна. Папярэдні аналіз падачы дакументаў (хацеў бы нагадаць, што залічэнне ў ВНУ пройдзе да 4 жніўня) паказвае, што гэтыя задачы выкананы ў поўным аб'ёме", - расказаў Андрэй Іванец.
Міністр адукацыі праінфармаваў, што ў беларускія ВНУ падалі дакументы практычна 2 тыс. адораных і таленавітых абітурыентаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў або па-за конкурсам. "Сёння мы чакаем і нашых медалістаў, і пераможцаў усіх узроўняў алімпіяд. Шмат у чым гэта задача выканана даволі паспяхова", - дадаў ён.
Паводле слоў кіраўніка адукацыйнага ведамства, у гэтым годзе добра спрацавалі рэгіянальныя ВНУ. "Найбольш высокія конкурсы былі менавіта ў рэгіянальных ВНУ. Сярод лідараў - Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава - 2,4 чалавека на месца, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы - 2,2 чалавека на месца, Гомельскі, Брэсцкі ўніверсітэты, у якіх конкурсы таксама набліжаюцца да паказчыка 2 чалавекі на месца. Гэта добрая тэндэнцыя. Мы бачым, што гэта вынік мэтанакіраванай работы, якая праводзілася як у рамках універсітэцкіх алімпіяд, праведзеных ва ўсіх рэгіянальных ВНУ, так і кірмашоў вакансій, якія былі праведзены ва ўсіх рэгіёнах краіны сумесна з заказчыкамі кадраў і ўстановамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму на сённяшні момант мы бачым, што амаль з 20 тыс. месцаў, якія былі выдзелены для дзённай бюджэтнай формы навучання, каля 6 тыс. месцаў занята моладдзю, якая або прыйшла вучыцца на мэтавую форму падрыхтоўкі - гэта матываваныя маладыя людзі, або з'яўляюцца адоранымі - гэта пераможцы разнастайных алімпіяд, конкурсаў, медалісты. Гэта вельмі высокі працэнт", - канстатаваў Андрэй Іванец.
Сярод найбольш запатрабаваных традыцыйна значацца спецыяльнасці ўстаноў медыцынскай адукацыі, дзе сярэдні конкурс склаў амль 2,5 чалавека на месца. "Самы высокі конкурс у бягучым годзе быў у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на спецыяльнасць "стаматалогія" і на "дызайн" у БДУ - 12 чалавек на месца. Мы бачым вялікія конкурсы, вялізную зацікаўленасць добра падрыхтаваных выпускнікоў у паступленні ў ВНУ. Акрамя таго, мы сур'ёзна рухаемся наперад па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. У гэтым годзе на 25 працэнтаў павялічылася колькасць выпускнікоў педагагічных класаў, якія звязваюць сваё жыццё з выбарам педагагічнай прафесіі. У вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны - у БДПУ імя М.Танка - прыйшло крыху менш за 300 выпускнікоў педагагічных класаў і амаль 100 медалістаў, г.зн. фактычна тая задача, якая ставілася перад педуніверсітэтам, - каб кожны другі студэнт бюджэтнай формы навучання гэтага ўніверсітэта быў або медалістам, або выпускніком педкласа, у гэтым годзе выканана", - падкрэсліў міністр.
Па конкурсах і прахадных балах лідарам з'яўляецца факультэт міжнародных адносін БДУ, дзе папярэдні прахадны бал склаў 398. У Гродзенскім універсітэце імя Я.Купалы на "правазнаўства" прахадны бал склаў каля 370. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе, але маюць высокія балы, змогуць або быць залічанымі на платную форму навучання, або прыйсці на дадатковы набор на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Такіх месцаў у гэтым годзе, паводле прагнозу Міністэрства адукацыі, будзе каля 1 працэнта ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў.
"Яшчэ адна сур'ёзная навацыя ў была ў нас, калі замест чатырох сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання маладыя людзі прыходзілі з двума сертыфікатамі цэнтралізаванага экзамену і адным сертыфікатам ЦТ. Як адзначаюць прыёмныя камісіі і рэктарскі корпус, так званая беганіна паміж універсітэтамі была практычна выключана ў бягучым годзе. Моладзь даволі мэтанакіравана, спакойна выбірала той напрамак, на які яны прыходзяць. У шэрагу ўніверсітэтаў у нас быў арганізаваны адзіны сумесны конкурс на два факультэты, на некалькі спецыяльнасцей, г.зн. былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб маладыя людзі маглі па справядлівай, дакладнай, зразумелай сістэме паступіць ва ўніверсітэт", - сказаў на заканчэнне Андрэй Іванец.-0-