15 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай вобласці эфектыўна працуюць з перспектыўным кадравым рэзервам. Аб гэтым сёння ў Брэсце заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Брэсце арганізаваны двухдзённы семінар з перспектыўным кадравым рэзервам. У ім удзельнічаюць каля 50 чалавек - гэта студэнты і спецыялісты з усіх гарадоў і раёнаў вобласці, якія працуюць у розных галінах. Ігар Сергяенка адзначыў важнасць такіх сустрэч. Ён заклікаў маладых людзей падыходзіць да работы без фармалізму, будаваць кар'еру, вучачыся кіраваць і пераймаючы вопыт калег. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што Брэсцкая вобласць эфектыўна працуе са сваім кадравым рэзервам.
"У цэлым у рэзерв уключаны 1,1 тыс. маладых людзей да 31 года. Праводзіцца адбор на падставе прафесійных дасягненняў, кампетэнцый, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, удзелу ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна і краіны. У кадравым рэзерве - прыкладна 85 працэнтаў маладых спецыялістаў і 15 працэнтаў студэнтаў. У Брэсцкай вобласці работа выбудавана даволі цікава, вядзецца яна актыўна. Студэнтаў-старшакурснікаў тут нават больш, чым у цэлым па рэспубліцы. Гэта сведчыць аб тым, што ВНУ ўдзяляюць павышаную ўвагу", - сказаў Ігар Сергяенка.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце дыялогу. Маладыя людзі скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні: аб сацыяльнай падтрымцы, маладзёжнай палітыцы і замацаванні маладых спецыялістаў, рабоце педагогаў, службе ў арміі і абароне граніц, аб развіцці сферы высокіх тэхналогій. Асаблівую актыўнасць праявілі студэнты ўніверсітэтаў Брэста, Пінска і Баранавіч.
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што трапіць у кадравы рэзерв - гэта толькі першая ступень. "Такая работа дае магчымасць людзям праявіць сябе, пераканацца ў іх здольнасцях узначальваць калектывы, ствараць, тварыць. Сведчаннем эфектыўнасці з'яўляецца тое, што толькі ў бягучым годзе на вышэйшыя пасады ў Брэсцкай вобласці было назначана 11 маладых людзей", - заўважыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Размова са студэнтамі і спецыялістамі закранула і Дзень народнага адзінства. Ігар Сергяенка звярнуў увагу на важнасць даты 17 верасня 1939 года ў гісторыі Беларусі, якая захавалася ў назве вуліц і прадпрыемстваў. У бягучым годзе беларусы будуць адзначаць Дзень народнага адзінства толькі трэці раз. Ёсць перадумовы, што гэта свята зойме сваё месца сярод любімых - Дня Перамогі, Дня Незалежнасці.
Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у краіне цяпер шмат гавораць аб падзеях, якія датычацца ўз'яднання Беларусі. "Яны пакладзены ў аснову абвяшчэння свята - Дня народнага адзінства. Адзначаем яго канкрэтнымі справамі (адкрываем аб'екты сацыяльнай сферы, новыя дарогі) і патрыятычнымі акцыямі, расказваем у розных аўдыторыях аб тых часах і аб значнасці гэтага свята. Дзякуючы адзінству мы можам ганарыцца дасягненнямі нашай краіны", - рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
У сустрэчы з маладымі людзьмі таксама прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык.-0-