20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія каледжы 20 ліпеня пачынаюць прымаць дакументы ад абітурыентаў, паведамляе БЕЛТА.
Дакументы могуць падаваць як тыя, хто прэтэндуюць на навучанне за кошт сродкаў бюджэту, так і платнікі. Для абітурыентаў, якія плануюць удзел у конкурсе на спецыяльнасць, па якой неабходна здаваць уступныя іспыты, тэрмін падачы дакументаў на бюджэтнае і платнае аддзяленні на аснове агульнай базавай адукацыі ажыццяўляецца па 3 жніўня, а на аснове агульнай сярэдняй - па 12 жніўня.
Тыя, хто паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасля 9 класаў, пасля 11 класаў, на аснове прафтэхадукацыі з агульнай сярэдняй, у тым ліку ў скарочаны тэрмін, на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты, паступаюць па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Абітурыентам творчых спецыяльнасцей, а таксама спецыяльнасці "спартыўна-педагагічная дзейнасць", "фізічная культура" неабходна здаць уступныя іспыты па форме, якая вызначаецца каледжам.
"У рамках удасканалення структуры падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у 2023 годзе будзе ажыццяўляцца прыём па новых для краіны спецыяльнасцях, - расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі - начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Аляксандра Пятрова. - Сярод іх "фізіка-хімічны аналіз прадуктаў вытворчасці" (Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў), "тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі" (Мінскі радыётэхнічны каледж, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж), "распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў" (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж), "будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў" (Індустрыяльна-педагагічны каледж), "выраб аптычных прыбораў" (кваліфікацыя "кантралёр аптычных дэталей і прыбораў 6-га разраду") - набор правядзе Мінскі дзяржаўны каледж аўтамабілебудавання, а таксама "фларыстычны дызайн" (кваліфікацыя "фларыст 5-га разраду") у Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі, "рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы" (кваліфікацыя "рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкага фарбавання 6-га разраду") - у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва, "дызайн мультымедыя" (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава)".
Усяго пашырылі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку, 24 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па краіне. "У гэтым годзе на 12,5 працэнта павялічаны прыём на аснове агульнай базавай адукацыі - выпускнікоў 9-х класаў. Больш за ўсё бюджэтнікаў набяруць на такія профілі, як "інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны", "ахова здароўя і сацыяльная абарона", "сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя", "педагогіка", "бізнес, кіраванне і права". На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём будуць ажыццяўляць 156 каледжаў. План прыёму на 2023 год сфарміраваны на ўзроўні плана прыёму 2022 года з карэкціроўкай аб'ёму і структуры прыёму для падрыхтоўкі спецыялістаў па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях. У той жа час скарочаны аб'ём падрыхтоўкі на платнай аснове", - расказала прадстаўнік Міністэрства адукацыі.
У каледжы плануецца прыняць у гэтым годзе 39,6 тыс. абітурыентаў, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту - 27,4 тыс. чалавек. Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залічыць 25,6 тыс. чалавек, у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі - 17,3 тыс. абітурыентаў, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі - 7 тыс. У завочнай форме атрымання адукацыі плануецца прыняць 1,3 тыс. абітурыентаў.
На платную форму залічаць 12,2 тыс. чалавек, у тым ліку на дзённае аддзяленне - 8,8 тыс. чалавек, на завочнае - 3,4 тыс. чалавек.-0-