БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы
Галоўная Навіны

Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі пачне работу 20 лютага

16.02.2024 17:02
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі пачне работу 20 лютага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Буйнейшыя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі краіны прынялі рашэнне аб’яднаць свае намаганні і сумесна забяспечыць назіранне за ходам галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Для каардынацыі работы наглядальнікаў і аператыўнага інфармавання грамадства аб ходзе галасавання створаны Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, у якім пачынаючы з першага дня датэрміновага галасавання будзе акумулявацца інфармацыя ад наглядальнікаў аб ходзе правядзення выбарчай кампаніі. На сённяшні дзень больш як 37 тыс. чалавек па ўсёй краіне ўжо атрымалі акрэдытацыю і гатовы да выканання сваіх абавязкаў у якасці нацыянальных наглядальнікаў.

"Выбудавана дакладная сістэма ўзаемадзеяння нацыянальных наглядальнікаў на раённым і абласным узроўні. Яны сёння гатовы прадстаўляць у наш Цэнтр грамадскага назірання аператыўную інфармацыю з месцаў аб ходзе галасавання. Гэту інфармацыю, як ідзе выбарчы працэс, якія пазаштатныя або іншыя сітуацыі ўзнікаюць на месцах, мы будзем аператыўна перадаваць  у сродкі масавай інфармацыі, каб нашы грамадзяне маглі бачыць поўную і аб’ектыўную карціну, - расказаў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў. - Наглядальнікі гатовы да прынцыповай работы. Яны ўсе прайшлі навучанне, ведаюць свае правы, ведаюць, як, згодна з заканадаўствам, павінен быць арганізаваны выбарчы працэс. І гатовы пры неабходнасці нейкія свае заўвагі і прапановы ўносіць выбарчым камісіям".

У сваю чаргу намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Белая Русь" Аляксандр Астаповіч падкрэсліў, што ў вядучых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый ужо ёсць добры вопыт узаемадзеяння, які дае магчымасць арганізаваць поўнамаштабнае назіранне за выбарамі.

"Ад кожнага грамадскага аб’яднання і партыі мы вылучылі наглядальнікамі сваіх прадстаўнікоў. Яны ўсе прайшлі акрэдытацыю. Задача гэтых людзей - дапамагчы пазбегнуць нейкіх памылак у выбарчым працэсе", - адзначыў Аляксандр Астаповіч.

У прэс-службе адзначылі, што Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі таксама запускае гарачую лінію, якая пачне працаваць з першага дня датэрміновага галасавання.

"Гэта навацыя бягучага года. Мы арганізавалі шматканальную гарачую лінію, каб кожны жыхар нашай краіны мог пазваніць у Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, выказаць нейкія свае заўвагі па працэсе галасавання. Мы праз нашых наглядальнікаў зможам аператыўна гэту інфармацыю ўдакладніць і прадаставіць грамадзянам Беларусі аб’ектыўную карціну з месцаў", - дадаў Вадзім Грачоў.

З заўвагамі і прапановамі аб ходзе галасавання жыхары Беларусі могуць звярнуцца па тэлефоне 8 (017) 215 21 83 (з 20 па 24 лютага з 12.00 да 19.00, 25 лютага - з 8.00 да 20.00).

Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі створаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў, грамадскімі аб’яднаннямі "Белая Русь", БРСМ, "Беларускі саюз жанчын", "Патрыёты Беларусі", а таксама Беларускай партыяй "Белая Русь", Камуністычнай партыяй Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі, Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці.
 
Усе навіны

Карысныя спасылкі