27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацверджана палажэнне аб каардынацыйных саветах па дзяржабароне дзяцей. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў ад 24 снежня 2024 года нумар 1004, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Палажэннем вызначаецца парадак стварэння каардынацыйных саветаў, якія ажыццяўляюць каардынацыю дзеянняў структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іншых арганізацый па дзяржаўнай абароне дзяцей. Каардынацыйныя саветы ствараюцца рашэннямі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. У іх склад уключаюцца старшыня, намеснік старшыні, сакратар, члены каардынацыйнага савета з ліку кіраўнікоў (намеснікаў кіраўнікоў) структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць абарону правоў і законных інтарэсаў дзіцяці, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў (з іх згоды) для разгляду пытанняў, звязаных з арганізацыяй узаемадзеяння і каардынацыяй дзеянняў дзяржорганаў і іншых арганізацый па дзяржабароне дзяцей, распрацоўкі мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне гэтай дзейнасці.
Персанальныя склады каардынацыйных саветаў зацвярджаюцца распараджэннем старшынь абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.
Старшынёй каардынацыйнага савета, як правіла, з'яўляецца намеснік старшыні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Палажэннем абазначаны функцыі ўдзельнікаў каардынацыйнага савета.
Для рэалізацыі ўскладзеных задач каардынацыйныя саветы маюць права: запытваць у дзяржорганаў і іншых арганізацый інфармацыю па пытаннях дзяржаўнай абароны дзяцей і аб выкананні імі рашэнняў каардынацыйнага савета, а таксама іншыя матэрыялы, неабходныя для дзейнасці каардынацыйных саветаў; заслухоўваць на пасяджэннях інфармацыю дзяржорганаў і іншых арганізацый па пытаннях дзяржабароны дзяцей, разглядаць праблемныя пытанні ўзаемадзеяння зацікаўленых дзяржорганаў і іншых арганізацый і прымаць рашэнні па іх урэгуляванні, прымаць рашэнні па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю каардынацыйных саветаў, ажыццяўляць кантроль за іх рэалізацыяй; рэалізоўваць іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Пасяджэнні каардынацыйных саветаў праводзяцца не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў. Рашэнне каардынацыйнага савета прымаецца адкрытым галасаваннем.
Забеспячэнне дзейнасці каардынацыйных саветаў ажыццяўляецца абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2025 года.-0-