21 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Унікальны перасовачны музей "Поезд Перамогі" 21 чэрвеня зрабіў прыпынак у Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты гісторыка-асветны і грамадска-патрыятычны праект рэалізуецца Беларускай чыгункай сумесна з РЧ. Ён ажыццёўлены пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. У гэтым годзе ўнікальны перасовачны музей зноў прыбыў у Беларусь. Свой шлях па тэрыторыі нашай краіны ён пачаў у Брэсце. Менавіта гэты горад у чэрвені 1941 года першым прыняў удар фашысцкіх захопнікаў і апошнім быў вызвалены ад акупантаў у ліпені 1944-га.
"Кожную беларускую сям'ю закранула Вялікая Айчынная вайна. Мы паказалі ўсяму свету, што Брэсцкая крэпасць - гэта перш за ўсё мужнасць, стойкасць і сапраўдны гераізм. Хачу сказаць словы ўдзячнасці стваральнікам "Поезда Перамогі" за тое, што дазволілі кожнаму акунуцца ў сапраўдную гісторыю. Мы цэнім мір. Хто не цэніць мінулага, у таго няма будучыні, і мы не дадзім перапісаць гістарычную праўду", - падкрэсліў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.
У Брэсце "Поезд Перамогі" будзе прымаць сваіх наведвальнікаў 21-22 чэрвеня ў Музеі чыгуначнай тэхнікі, які размешчаны недалёка ад галоўнага ўваходнага манумента "Зорка" мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". "Старт "Поезду Перамогі" даюць ля сцен Брэсцкай крэпасці. Для нас гэта вельмі дорага і сімвалічна, таму што мы ведаем цану той Перамогі. Сёння ёсць яшчэ адна магчымасць дакрануцца да гісторыі. Гэта дае сілу і ўпэўненасць у правільнасці нашага шляху. Важна, каб наша моладзь памятала і цаніла тое, што мы з'яўляемся наследнікамі Вялікай Перамогі", - сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.
Праект уяўляе сабой інтэрактыўную экспазіцыю, якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У саставе поезда 10 тэматычных вагонаў. Кожны з іх адлюстроўвае розныя гістарычныя перыяды: перадваенныя гады - Вялікая Айчынная вайна - Перамога. Экспазіцыя расказвае пра драматычныя падзеі і лёсы людзей. Адзін з вагонаў прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, жанчынам і дзецям.
"Поезд Перамогі" з 21 чэрвеня па 21 ліпеня пройдзе праз 23 гарады. Пасля Брэста ён пабывае ў Пінску, Лунінцы, Баранавічах, Оршы, Магілёве, Крычаве, Горках, Віцебску, Полацку, Мінску, Маладзечне, Лідзе, Гродне, Ваўкавыску, Салігорску, Слуцку, Асіповічах, Бабруйску, Жлобіне, Калінкавічах, Рэчыцы і Гомелі.
Дзмітрый Паштарэнка - кіраўнік творчай майстэрні "Неўскі баталіст", якая ўдзельнічала ў стварэнні экспазіцыі "Поезда Перамогі", заўважыў, што памяць пачынаецца з асабістых гісторый. Напрыклад, з Брэсцкай крэпасцю ён пазнаёміўся дзякуючы фатаграфіям і сувенірам, расказам бабулі. Тады не мог і падумаць, што праз гады будзе займацца стварэннем музеяў, гістарычных інсталяцый, у тым ліку для Брэсцкай крэпасці.
"Мы ставілі перад сабой задачу зрабіць музей на колах, такую машыну часу, якая магла б адказаць на многія гістарычныя пытанні, - акцэнтаваў увагу Дзмітрый Паштарэнка. - Спадзяюся, што зможам абнавіць экспазіцыю. У прынцыпе, кожны год стараемся падтрымліваць яе ў парадку. Улічваючы, што праз поезд прайшлі тысячы чалавек, а ён практычна ў першарадным стане".
Экскурсія па "Поезду Перамогі" праводзіцца з аўдыягідам, а ў адным вагоне адначасова могуць знаходзіцца не больш за 12 чалавек. Агульны час экскурсіі складае 45 хвілін. Выстава мае ўзроставыя абмежаванні 12+. Час работы экспазіцыі з 10.00 да 20.00, перапынак з 14.00 да 15.00. У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю перасовачнага музея яго наведванне будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах.-0-
Фота Паўла Арлоўскага