4 верасня, Івацэвіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Ваенныя лётчыкі сёння ў час аператыўна-стратэгічнага вучэння ў Брэсцкай вобласці адпрацавалі пытанні выкарыстання ўчасткаў аўтадарог у якасці запасных аэрадромаў. За ходам вучэння назіраў міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі з 1 па 6 верасня праходзіць сумеснае аператыўна-стратэгічнае вучэнне войскаў АДКБ "Баявое братэрства". Запланаваны сумесныя і спецыяльныя вучэнні, якія ўключаюць падрыхтоўку розных кампанентаў войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ. Манеўры праводзяць на палігонах і ўчастках мясцовасці Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
У прыватнасці, у час спецыяльнага вучэння з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ "Эшалон-2023" арганізавана практычная адпрацоўка арганізацыі комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні жывучасці авіяцыі ВПС і войскаў ППА пры разгрупаванні на аэрадромны ўчастак дарогі. З зямлі і паветра ваеннаслужачыя правялі зачыстку раёна ад магчымага размяшчэння дыверсійна-разведвальных груп.
Адным з асноўных эпізодаў гэтага этапу вучэння стала непасрэдна пасадка ваенных самалётаў Ан-26, Су-25, Як-130 і Су-30 СМ на трасу М1. Прыкрыццё выканання заходаў на пасадку паветраных суднаў аказвалі верталёты Мі-24 і самалёт Су-30 СМ. Дарэчы, у час вучэння ўпершыню на аэрадромны ўчастак дарогі выканана пасадка на самалёце Су-30 СМ.
Пасля пасадкі на трасу тэхнічныя работнікі аператыўна падрыхтавалі самалёты да паўторнага вылету. Наступны эпізод вучэння - нанясенне авіяцыйных удараў па ўмоўных наземных цэлях на авіяпалігоне Ружаны.
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што па плане сёння адпрацоўвалася адно са складаных пытанняў. "Адзін з этапаў вучэння - пасадка на авіяцыйны ўчастак дарогі. Гэта вельмі складанае мерапрыемства, якое патрабуе сканцэнтравання намаганняў усіх структур, што прымаюць удзел. Не буду пералічваць, іх вельмі шмат. Вядома, самае важнае і галоўнае - майстэрства і вывучка лётчыкаў", - сказаў міністр абароны.
Ён таксама закрануў пытанне, што некаторыя заходнія палітыкі спрабуюць шукаць скрыты сэнс у вучэнні АДКБ на тэрыторыі Беларусі. "Не трэба шукаць канспіралогію. Гэтыя вучэнні планавыя, адкрытыя, штогод праводзяцца ў адной з краін АДКБ. Асноўная задума, мэта вучэнняў - знайсці шляхі і спосабы процідзеяння выклікам і пагрозам, якія могуць узнікнуць менавіта ў краінах АДКБ", - рэзюмаваў Віктар Хрэнін.-0-