Паважаныя берасцейцы! Дарагія школьнікі, навучэнцы і студэнты, педагогі і бацькі!
Прыміце шчырыя віншаванні з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года!
Сёння адукацыя з’яўляецца залогам дынамічнага развіцця дзяржавы, магчымасцю для самарэалізацыі асобы і асноўным капіталам беларускага грамадства. Ва ўсе сферы жыццядзейнасці краіны павінны прыходзіць высокапрафесійныя кадры, якія творча думаюць і дасканала валодаюць перадавымі тэхналогіямі. Менавіта таму безумоўным прыярытэтам нашай дзяржаўнай палітыкі па-ранейшаму застаецца падтрымка сістэмы адукацыі, стварэнне спрыяльных умоў для яе далейшага эфектыўнага развіцця і павышэння якасці.
Па добрай традыцыі 1 верасня мы адрасуем шчырыя словы ўдзячнасці педагогам, чыя інтэлектуальная праца і душэўныя якасці ў многім вызначаюць, якімі грамадзянамі стануць нашы дзеці і які ўклад унясуць у развіццё сваёй Радзімы.
Зычым усім, хто працуе ў галіне адукацыі, прафесійных поспехаў і творчай актыўнасці, пастаяннага пошуку і нястомнай энергіі. Хай спадарожнічаюць вам паразуменне калег, прызнанне дзяцей і бацькоў!
Вучоба – самы насычаны і адказны перыяд у лёсе любога чалавека. Менавіта ў гэты час закладваецца падмурак яго уласнай будучыні. Пры гэтым маладым людзям важна разумець, што толькі настойлівай працай, стараннасцю можна дасягнуць плёну ў вучобе.
Спадзяёмся, што веды, якія юныя жыхары Берасцейшчыны атрымаюць у школах, універсітэтах, установах прафесійнай адукацыі, дазволяць ім ярка раскрыць свае здольнасці, годна падрыхтавацца да самастойнага жыцця і працаваць дзеля дабрабыту сваёй сям’і і росквіту роднага краю.
Шаноўныя студэнты і навучэнцы, настаўнікі і выкладчыкі!
Жадаем усім вам плённай вучобы і працы, настойлівасці і веры ў сябе, аптымізму і новых здабыткаў на карысць Бацькаўшчыны. У добры шлях!
Брэсцкі абласны Брэсцкі абласны
выканаўчы камітэт Савет дэпутатаў